bnX5mxEbE4QСтваральнік атрада “Пагоня” распавядае, чаму некаторыя беларусы хочуць ваяваць ва Украіне, якія функцыі будуць выконваць і ці сочаць за імі спецслужбы.

Даведка Еўрарадыё: Гузь Ігар Уладзіміравіч — дэпутат, намеснік старшыні Валынскага абласнога савета. З 2001 года — кіраўнік Валынскай арганізацыі Нацыянальнага моладзевага кангрэса. У 2005 годзе за ўдзел у беларускім “Чарнобыльскім шляху” быў затрыманы і асуджаны на 10 сутак, якія правёў на “Акрэсціна”, пасля быў дэпартаваны з Беларусі і пазбаўлены на 5 гадоў права ўезду. З 2005 па 2013 гады — кіраўнік Усеўкраінскай моладзевай грамадскай арганізацыі “Нацыянальны альянс”.

Ігар Уладзіміравіч, у сацсетках вы паведамілі пра фармаванне “беларускага атраду супраціву “Пагоня”. На якой стадыі фармаванне атраду і хто ініцыятар яго стварэння?

 Моладзевая арганізацыя “Нацыянальны альянс”, якая існуе з 2005 года ва Украіне, ужо 9 гадоў актыўна супрацоўнічае з беларускімі моладзевымі арганізацыямі. Наша супрацоўніцтва мае нават сваю гісторыю — 13 сяброў арганізацыі былі дэпартаваныя з Беларусі і маюць забарону на ўезд у вашу краіну. У тым ліку, і я. Я сядзеў на Акрэсціна. І калі пачаліся вядомыя вам працэсы на ўсходзе Украіны, дастаткова шмат беларусаў пісалі мне: “Як можна зрабіць, каб паехаць на усход і дапамагчы Украіне?” У выніку некалькі дзён таму мы разам з беларусамі прынялі рашэнне наконт таго, што было б нядрэнна сфармаваць такое невялікае падраздзяленне з жадаючых дапамагчы нашай краіне беларусаў. Пакуль вырашылі, што гэта будзе атрад з чалавек 10 беларусаў, назвалі яго “Пагоня”. Сышліся на тым, што тут яны пройдуць ваеннае навучанне, каб пасля далучыцца да аднаго з украінскіх батальёнаў добраахвотнікаў, якія цяпер ваююць на ўсходзе — ці “Азоў”, ці “Данбас”, альбо “Айдар”, якія сумесна з прадстаўнікамі Міністэрства абароны ваююць у Данецкай і Луганскай абласцях у межах антытэрарыстычнай аперацыі.

g2Ігар Гузь

 Размова ідзе менавіта пра грамадзян Беларусі?

 Так, у атрад увойдуць менавіта грамадзяне Беларусі.

 Але нават камандзір батальёна “Данбас” скардзіўся на праблемы з прыняццем у батальён замежнікаў — гэта забаронена ўкраінскім заканадаўствам. Афіцыйна ім і зброю не давераць, і нават у зону АТА не пусцяць! Як вы плануеце вырашаць гэтае пытанне?

 Ёсць такія пытанні, усе гэта разумеюць, але шукаюцца магчымасці… Не сакрэт, што на ўсходзе Украіны, у складзе розных фармаванняў ёсць і беларусы, і малдаване, і грамадзяне іншых краін. Юрыдычныя і тэхнічныя пытанні, натуральна ж, ёсць, але будзем спрабаваць сысці ад гэтых нюансаў. Афіцыйна беларусы не змогуць быць ў строі, мець адпаведныя дакументы і гэтак далей. Сапраўды, заканадаўства гэтага не дазваляе, але быць у працэсе яны змогуць. Мяркую, што альбо Украіна, альбо тыя структуры, з якімі мы будзем працаваць, знойдуць для гэтага магчымасць і прымуць да сябе беларускіх патрыётаў.

 “Быць у працэсе” можа азначаць і чысціць бульбу на кухні. Але не думаю, што такі паварот задаволіць беларускіх добраахвотнікаў…

 Мы зробім усё магчымае і немагчымае, і ёсць вельмі вялікая верагоднасць, што пры жаданні гэтыя людзі будуць разам з украінцамі стаяць са зброяй у руках за незалежнасць нашай краіны і рабіць усё для таго, каб рускі імперыялізм не быў не толькі на Данбасе ці ў Крыме, але і ў Брэсце, Гродне ці Віцебску.

Ці ёсць у вас ужо папярэдняя дамоўленасць з нейкім батальёнам, што ён возьме да сябе беларусаў?

 Я не скажу, з якім канкрэтна батальёнам, але размова на гэты конт была, і думаю, што там усё будзе нармальна. Калі ўсё будзе вырашана, то мы ўсё раскажам падрабязна і пакажам.

g5

З камандзірам батальёна “Айдар”, падпалкоўнікам Сергіям Мельнічуком

Колькі ўжо людзей у складзе атрада?

 Ужо на тэрыторыі Украіны пяцёра беларусаў. Але цяпер пачаўся актыўны піяр, і я думаю, што людзей будзе больш. І ўсе яны для мяне героі: гэта ж не цацкі — там ідзе сапраўдная вайна, і ўжо столькі людзей загінула. Прыняць такое рашэнне — вельмі мужна.

 Вы звярнуліся да беларусаў і ўкраінцаў з просьбай ахвяраваць грошы на набыццё для беларускага атрада супраціву бронекамізэлек і касак — адгукаюцца людзі? І што будзе са зброяй?

 Зразумела, і бронекамізэлькі, і каскі ёсць у батальёнах, але хочацца, каб навабранцы прыязджалі са сваім. Учора толькі мы апублікавалі гэтую інфармацыю, і ўжо каля 10 чалавек пэўныя сумы ахвяравалі: хто 10 долараў, хто — 50. Што да зброі, то яна выдаецца канкрэтна ў батальёнах.

 Ёсць нейкія патрабаванні да добраахвотнікаў?

 Чалавек павінен мець за плячыма службу ў арміі. Нават калі гэта было 10, 15 ці 20 гадоў таму — пэўныя навыкі ёсць, а паездка ў ваенна-падрыхтоўчы лагер дасць магчымасць гэтыя навыкі аднавіць. Але на вайне не ўсе абавязкова стаяць з аўтаматамі на перадавой — ёсць патрэба ў рознай дапамозе. І нават калі нехта армейскага досведу не мае, але хоча дапамагчы, то няхай едзе — гэта ж вайна, гэта цэлы механізм.

g4

Подпіс пад здымкам у ФБ палітыка: “Жывє Беларусь! Слава Україні! Це мій побратим, білоруський націоналіст, друг Вітушка. Вже сьогодні він та його друзі в Україні проходять спецпідготовку для участі в українських добровольчих батальйонах супроти московських окупантів на Сході України!Найближчим часом буде сформований білоруський загін спротиву “Пагоня”. Запрошуємо білоруських патріотів долучитися до оборони української землі. Без вільної України, не буде вільної Білорусі!”

 Што гэта за падрыхтоўчы лагер і ці ёсць там сапраўдныя ваенныя інструктары?

 Што гэта за лагер не скажу, а прафесійныя інструктары там, безумоўна, ёсць. Там ёсць усё неабходнае для таго, каб усе навыкі, якія былі здабытыя ў войску, можна было ўзгадаць на практыцы.

 Якая ў вас функцыя ў гэтым атрадзе, дапамога ў арганізацыі ці, можа, самі ў яго склад увойдзеце?

Адразу ўдакладню — гэта не дзяржаўная ініцыятыва. А я намеснік старшыні абласнога савета Валынскай вобласці. Гэта мая асабістая ініцыятыва як грамадзяніна: я люблю Беларусь і вельмі шмат там сяброў маю… Што тычыцца “Пагоні”, то мая функцыя — дапамагчы гэтым людзям у арганізацыйных працэсах. Я не беларус, і таму мне не месца менавіта ў гэтым атрадзе. Калі ўзнікне такая патрэба, я далучуся да іншага батальёна. Я ўжо быў на ўсходзе, у батальёне тэрытарыяльнай абароны “Айдар” — там нашы хлопцы з Валыні, з самаабароны Майдана. І яшчэ паеду. Проста маю абавязкі намесніка старшыні абласнога савета, таму не магу аддаваць гэтаму пытанню шмат часу — ёсць на месцы шмат практычнай працы. Цяпер адбываецца змена ўлады, відаць, пачнецца падрыхтоўка да парламенцкіх выбараў — безліч патрэбных для рэгіёна спраў, таму працую тут на месцы.

g6

Подпіс пад здымкам у ФБ палітыка: Андрій та Ігор є одними з лідерів “Самооборони Майдану” Волині. Обидва адвокати і в мирний час мали б солідний заробіток та спокійне і забезпечене життя, але в цей момент перебувають на Сході України, кажуть іншого і не могло б бути.

Я ўжо паспеў пачуць, што за гэтай вашай ініцыятывай няма нічога апроч жадання піяру. Маўляў, сёння на беларускай тэме, на жаданні беларусаў ваяваць за Украіну можна добра папіярыцца. Гэта сапраўды так?

 Кожны сам няхай дае ацэнку! Калі я ў 2005 годзе прыехаў у Беларусь і браў удзел у “Чарнобыльскім шляху”, мяне пасадзілі на 10 сутак і казалі пра крымінальныя справы, то тады асобныя людзі таксама казалі, што гэта піяр. Хай ацэнку маёй дзейнасці даюць мае сябры ў Беларусі — гэта для мяне галоўнае. Я не кажу, што ідэя нейкая такая ўжо геніяльная ці жыццёва неабходная, але для мяне яна цікавая і я гатовы яе падтрымаць. І нават не кажу пра тое, што гэтыя 10, 20 ці нават 100 чалавек кардынальна зменяць сітуацыю на ўсходзе. Але з пункту гледжання прапаганды — гэта важна. Вельмі важна, што мы разам, беларусы, украінцы, прыбалты, малдаване, грузіны, разумеем, што галоўны агрэсар у ХХІ стагоддзі — Расія. І калі нават 10 чалавек з “Пагоні” будуць на фронце, то шмат для каго з беларусаў гэта будзе сігналам. Таму, хай кожны дае ацэнку: піяр тут ці не піяр. Піяр тут, зразумела, патрэбны: гэту тэму неабходна раскручваць, даносіць да людзей. У палітыцы, у справах грамадзянскай супольнасці піяр мусіць быць, і я не бачу тут ніякіх праблем.

 АТА ўвайшло ў актыўную фазу: не думаеце, што пакуль атрад будзе фармавацца і трэніравацца, то справа з сепаратыстамі на ўсходзе будзе вырашаная?

 Не праблема, буду толькі рады. А людзі патрэніруюцца, вайсковыя навыкі ўзгадаюць і адновяць. Але я ў гэтым пытанні не маю аптымізму — не думаю, што за такі непрацяглы час там усё вырашыцца. Натуральна, мы можам дайсці да Луганска і Данецка, узяць іх у аблогу, але колькі часу спатрэбіцца на тое, каб цалкам расправіцца з сепаратыстамі і тэрарызмам, цяжка сказаць. Калі нават вялікія групы баевікоў будуць знішчаныя, то застануцца больш дробныя праблемы, якія гэтым атрадам давядзецца вырашаць. Да прыкладу, цяпер байцы батальёна “Азоў” патрулююць тэрыторыю Азоўскага мора, бо ёсць небяспека, што тэрарыстычныя групы будуць высаджвацца на той тэрыторыі.

 Ці разумеюць тыя, хто ўжо цяпер у складзе “Пагоні” праходзіць трэніроўкі, што да іх будзе звыш пільная ўвага з боку беларускіх спецслужб?

 Натуральна, разумеюць! І яны, і я. Але ведаеце, кожны чалавек павінен сам прымаць рашэнне. Разумееце, магчыма, дзясяткі тысяч людзей, калі глядзяць на тое, што ў нас адбываецца, задумаюцца, але адзінкі з іх скажуць: “Так, я еду!” Нехта пабаіцца, нехта падумае, што гэта не яго праблемы, нехта скажа, што гэта не вайна беларусаў. Але калі ў 1940-х дзейнічала Украінская паўстанцкая армія, то было шмат людзей розных нацыянальнасцяў, якія разумелі, што УПА — гэта сілы антысавецкага супраціву. Людзі станавіліся байцамі УПА і змагаліся разам з украінцамі — гэта факт гістарычны. Цяпер адбываецца нешта падобнае.

g3

Подпіс пад здымкам: “Волинська команда “Самооборони Майдану”. Приєднуйтесь до нас!”

 

Размаўляў Зміцер Лукашук, euroradio.fm


Попередня новинаБілоруси формують загін для війни з московськими окупантами в Україні Наступна новинаКадрові питання