Спецыяльна для сайта palitviazni.info на пытанні адказаў дэпутат Валынскай абласной Рады, заснавальнік і былы кіраўнік усеўкраінскай моладзевай арганізацыі “Нацыянальны Альянс”, каардынатар цэнтра рэгіянальнага развіцця “Супраца без межаў” Ігар Гузь.
- Вы адзін з нешматлікіх украінскіх палітыкаў, які ўжо працяглы час падтрымлівае сувязі з моладзевымі беларускімі палітычнымі і грамадскімі арганізацыямі. Калі і з чаго пачолся гэтае супрацоўніцтва?
Ігар Гузь: Упершыню я наведаў Беларусь у 2003 годзе, калі мяне запрасілі на з’езд “Маладога Фронту”. Тады Павел Севярынец сыйшоў з пасады і было два кандыдаты – Сяржук Бахун і Зміцер Дашкевіч. Далей наладзіліся пэўныя стасункі, але асноўныя падзеі адбыліся ў 2005 годзе падчас “Чарнобыльскага шляху”, калі мяне і чатырох маіх паплечнікаў затрымалі. За ўдзел у акцыі нас пасадзілі на суткі. Мы абвясцілі галадоўку і падчас знаходжання пад арыштам нічога не елі. Было шмат “прыгодаў”, мы былі збітыя амапаўцамі, а вяртанне ва Украіну было “вельмі цікавым”, бо за намі сачылі і г.д. Па сутнасці падзеі ў 2003-ім і 2005-ым годзе спрычыніліся да таго, што мяне зацікавіла сітуацыя ў Беларусі.
- Распавядзіце калі ласка, як вы пазнаёміліся з лідарам “Маладога Фронту” Зміцерам Дашкевічам?
Ігар Гузь: Пазнаёміліся ў 2005-ым годзе, калі мы некалькі дзён перад “Чарнобыльскім шляхам” былі ў Менску, тады Зміцер паказаў нам горад, распавёў пра сітуацыю ў Беларусі. Пасля гэтага ён неаднаразова быў у нас на офісе ў Кіеве, Луцку, а таксама на розных семінарах, у нас завязаліся сяброўскія адносіны. Сёння гэтага чалавека проста знішчаюць.
- Чаму вы вырашылі пачаць супрацоўніцтва менавіта з “Маладым Фронтам”?
Ігар Гузь: Па перакананнях я нацыяналіст, таму яшчэ напрыканцы 90-х я сачыў за дзейнасцю беларускіх патрыятычных арганізацый, сярод якіх быў “Край”, “Белы Легіён”, але недзе ў сярэдзіне 2000-х яны зніклі, а Беларуская Партыя Свабоды ўжо не мела былой моцы. “Малады Фронт” – гэта кансерватыўна-хрысціянская арганізацыя, патрыятычная, вядомая. Менавіта таму ў 2005-ым годзе “Нацыянальны Альянс” падпісаў дамову аб супрацы з “Маладым Фронтам”, ужо пазней мы наладзілі сувязі і з “Моладдзю БНФ”, але гэта было значна пазней, першай арганізацыяй быў “Малады Фронт”.
- Вы таксама ў свой час сталі ахвярай рэпрэсіўнай сістэмы Беларусі, распавядзіце пра свой досвед.
Ігар Гузь: Гэта было падчас “Чарнобыльскага шляху” ў 2005-ым, калі мы ўзнялі ўкраінскія сцягі на акцыі, гэта было праз некалькі месяцаў пасля “Памаранчавай рэвалюцыі”. Лукашэнка і ўся сістэма баяліся таму, што “Памаранчавая рэвалюцыя” падняла дух многіх беларусаў. Падчас самой акцыі, нас, украінцаў было пяцёра, мне разбілі вусны, парвалі маё пасведчанне, я на той час быў дэпутатам Луцкай гарадской Рады, пасля гэтага нас завезлі ў РАУС. Потым быў суд, дзе мне і яшчэ двум хлопцам далі па 10 сутак, адному 15, і яшчэ адному 9, усіх нас адправілі на Акрэсціна. Што датычыць Акрэсціна, то ў прынцыпе ўмовы, як і ў нас, бо калісьці падчас акцыі “Украіна без Кучмы” я знаходзіўся пад арыштам у нашым спецпрымальніку. Мы абвясцілі галадоўку, бо былі падазрэнні, што нас могуць пасадзіць на даўжэйшыя тэрміны, каб баяліся іншыя. Ва Украіне нашыя паплечнікі арганізавалі пікетаванне беларускай амбасады, за нас уступіліся шматлікія ўкраінскія палітыкі, у тым ліку і прэзідэнт Віктар Юшчанка. Галадаваць было даволі цяжка, 10 дзён пілі толькі ваду і сокі, бо досведу не было, але мы вытрымалі. У першыя дні было вельмі цяжка, але далей галадоўка праходзіла нармальна. Да супрацоўнікаў Акрэсціна заўваг не было, бо яны ставіліся дастаткова нармальна, таму ў прынцыпе гэта быў даволі карысны досвед. Пасля таго, як наз вызвалілі, мы на мікрааўтобусе нашай амбасады кружлялі па Менску, бо за намі сачылі. Да дзяржаўнай мяжы нас суправаджала КДБ, што яны ад нас хацелі, я да гэтага часу не ведаю.
- Тэма палітвязняў ва Украіне таксама стала актуальнай, што на ваш погляд у нас супольнага, а што адрозніваецца?
Ігар Гузь: Не крывячы душой скажу шчыра, апошнія 10-ць гадоў я ўвесь час сачу за тым, што адбываецца ў Беларусі. Пры тым, што ў нас зараз за кратамі знаходзіцца Юлія Цімашэнка, сядзяць яшчэ некалькі палітвязняў, у нас вельмі шмат аптымістаў, бо ў парламенце 200 дэпутатаў-апазіцыянераў, з 10-ць тысячаў дэпутатаў у мясцовых Радах. Ёсць шанс змяніць дыктатуру Януковіча, ёсць падтрымка людзей, бо па 50 тысячаў выходзіць, хоць ёсць і расчараванне ў “Памаранчавай рэвалюцыі”, але ёсць сур’ёзныя сілы. Я ў апошні час стаў вялікім песімістам адносна таго, што адбываецца ў Беларусі, бо не ўяўляю дзейсных механізмаў зменаў. Слабыя партыі і грамадскія арганізацыі, але гэта не галоўная праблема, бо як мне падаецца, галоўная праблема Беларусі – гэта самі беларусы. На акцыях пратэсту, якія адбываліся пасля выбараў у 2006-ым і 2010-ым годзе было 15-25 тысячаў, але гэта не тая колькасць людзей, якая можа скінуць дыктатуру. Для такой краіны трэба, каб было 100 тысячаў. Пры тым, што Лукашэнка не такі стары, таму я не бачу механізмаў для зменаў у бліжэйшы час. Можна казаць пра “Народны сход”, “Народны рэферэндум”, бо я чытаю “Беларускі партызан”, “Хартыю’97”, “Нашу Ніву”, увесь час намагаюся быць у курсе, але шчыра кажучы, я такой магчымасці не бачу. Расія і Захад гуляюцца з Беларуссю, “кідаюць кавалкі”, забіраюць, а тое, што Макею дазволілі паехаць у Еўропу – гэта жах. Супольнае ў нас – гэта дыктатура, але розніца ў тым, што Украіна мае рэальны шанец змяніць сітуацыю. Усё ў руках народа, а таксама лідараў апазіцыі – Клічко, Яцэнюка, Цімашэнкі і Цягнібока. У Беларусі на вялікі жаль я такіх механізмаў на бліжэйшы час не бачу.
- Што для вызвалення палітвязняў робіцца ва Украіне, і што б Вы маглі параіць беларусам?
Ігар Гузь: У нас было два асноўных палітвязня – гэта Юлія Цімашэнка і Юрый Луцэнка. Ёсць іншыя людзі, якія сядзяць, яны таксама вельмі важныя для ўкраінскай справы, тут няма пытанняў. Луцэнка на волі, а Цімашэнка застаецца за кратамі. Я скажу так, мы не зможам вызваліць Цімашэнку, як варыянт, яе могуць выслаць за мяжу – гэта можа быць адзін з варыянтаў. Я думаю, што яна можа пагадзіцца. Іншыя механізмы такія ж, як і ў Беларусі – збіраюцца подпісы, робяцца звароты да еўрапейскай супольнасці, робяцца рознага кшталту захады і г.д. З Луцэнка прайшло, Януковіч яго вызваліў, а з Юліяй Цімашэнка пакуль не, таму нічога сур’ёзнага я параіць не магу. Мы разумеем, што калі Цімашэнка будзе на волі, то рэжым Януковіча абрынецца толькі таму, што ў гэтага чалавека вельмі моцная энергія, сіла волі і харызма. Пры ўсіх сваіх мінусах, яна ўсё ж такі палітык №1 у краіне, і Януковіч гэта разумее. Не ведаю ці будзе яна на волі ў краіне, але спадзяюся на тое, што яе прынамсі адправяць за мяжу на лячэнне, дзе яна зможа працягнуць апазіцыйную дзейнасць. А вярнуцца яна зможа праз паўтары гады, калі мы скінем рэжым Януковіча.
- У ЕС і грамадскай супольнасці Беларусі існуе дыскусія адносна стратэгіі далейшых узаемных адносінаў. Як Вы лічыце, ці павінна вызваленне падітвязняў быць перадумовай якога-кольвек дыялогу?
Ігар Гузь: У нас восенню будзе абмяркоўвацца падпісанне дамовы пра партнёрства паміж Еўрасаюзам і Украінай, адной з умоў, нават не нашай, а Еўрасаюза, з’яўляецца вызваленне палітвязняў. Сама Юлія Цімашэнка напісала ў лісце, што не варта ставіць вызваленне палітвязняў ці яе, як умову будучага ўступлення Украіны ў Еўрасаюз. Напрыклад, наша ўкраінская ўлада хоча ісці ў Еўропу, але яна павінна вызваліць палітвязняў. Тое самае і ў Беларусі, але гэта іншая сітуацыя, бо яна не проста не ідзе ў Еўропу, гэтая ўлада нават не прысутнічае ў Радзе Еўропы. Еўропа павінна прыняць Беларусь, але гэта складанае пытанне.